Эдгар По
Маска Чырвонае Смерці
Выбраныя навелы, вершы, эсэ
© Арцёмаў А. , Баршчэўскі Л. , Бушлякоў Ю. , Дзергачова М. , Дубоўская К. , Лабанава Н. , Мартысевіч М. , Маціеўская К. , Мінкін А. , Пятровіч А. , Рыжкоў В. , Сідарэнка В. , Хадановіч А. , Цімафеева Ю. , Шадзько Ю. , Шупа С. , Шчасны У. , Шчур М. , Янкута Г. , пераклад на беларускую мову, 2011
© Шахназаран Н. , прадмова, 2011
© Маціеўская К. , Янкута Г. , каментар, 2011
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Эдгар По (1809–1849)
На небасхіле сусветнай літаратуры зорка Эдгара Алана По – адна з найярчэйшых і найзагадкавых.
Паэт, навеліст, журналіст, філосаф, літаратурны крытык, Эдгар По – прыклад самаадданага служэння мастацтву, найвялікшай сілы духу мастака, які перамог трагедыю жыцця чарадзейнасцю творчай энергіі. Літаратурная спадчына Эдгара По – унікальная, хаця і невялікая па аб’ёме. Цяжка назваць тую сферу мастацтва слова, у якой ён не здзейсніў адкрыццяў, што натхнялі некалькі пакаленняў еўрапейскіх пісьменнікаў (сімвалізм у паэзіі, дэтэктыўны, навукова-фантастычны, псіхалагічны жанры ў навелістыцы, тэорыя «чыстага мастацтва» ў літаратурнай крытыцы).Эдгар По нарадзіўся 19 студзеня 1809 года ў Бостане ў артыстычнай сям’і. Ягоная маці Элізабэт Арналд стала акторкай у 11 гадоў, грала ролі дзяцей, эльфаў, казачных духаў. Яна была вельмі таленавітая, прыгожая, мела нязменны сцэнічны поспех, але занадта рана пайшла з жыцця – ва ўзросце 24 гадоў, пакінуўшы траіх дзяцей. Амаль адначасова з ёй памёр і бацька будучага паэта Дэвід По. Двухгадовага Эдгара ўзяла на выхаванне багатая бяздзетная пара Аланаў, кіруючыся тагачаснай модай на дабрачыннасць. Надзелены тонкай і чулай душой, Эдгар пастаянна адчуваў сваю адзіноту ў чужым доме, дзе яму далі прытулак адно з міласэрнасці. З шасці да адзінаццаці гадоў (1815–1820) По жыве ў Англіі, навучаючыся спачатку ў прыватнай школе – пансіёне Дзюбура (Лондан), а потым у прыгараднай школе Мэнар-хаўз. Прыёмныя бацькі не наведвалі яго, што ўпершыню выклікала пачуццё адчужанасці ў асяроддзі аднагодкаў, да якіх рэгулярна прыязджалі родныя. Хлопчыка ратавала паэтычнае светаўспрыманне, уяўленне, якое малявала ідэалізаваны вобраз прыўкраснай місіс Алан, добрай і чулай. Свядомасць будучага паэта пачынала раздвойвацца паміж светамі фантазіі й суворай рэчаіснасці.
Вяртанне ў Амерыку, у Рычманд, пазначыла сабою пачатак кароткага шчаслівага перыяду ў жыцці По. Выключныя здольнасці падлетка праяўляюцца ў гарманічным спалучэнні выдатных поспехаў у засваенні моваў – грэцкай, лаціны, французскай, у спорце – плаванні, стральбе, боксе, у захапленні матэматыкай. Спалучэнне логікі і ўяўлення ў паэтычным мысленні Эдгара По зробіцца адной з выключных і надзвычайных рысаў ягонай творчасці.
У 17 гадоў По паступае ва ўніверсітэт Вірджыніі, адкрыты за год да таго адным з заснавальнікаў амерыканскай дэмакратыі – Томасам Джэферсанам. По не скончыў універсітэта з некалькіх прычынаў, галоўнай з якіх была сквапнасць айчыма, што не пажадаў аплачваць занадта дарагое навучанне. По не правучыўся там і года, але за гэты кароткі час паспеў прачытаць велізарную колькасць кніг, удасканаліць сваё веданне моваў, матэматыкі і, галоўнае, напісаць мноства вершаў, якія пазней увайшлі ў ягоны першы паэтычны зборнік «“Тамерлан” ды іншыя вершы» (1827). Выключэнне з універсітэта стала цяжкім выпрабаваннем для амбіцыяў юнака, трагічным пераломам у ягоным лёсе. По сыходзіць з дому ў пошуках свайго месца ў жыцці без надзеі на чыю-кольвек дапамогу ці падтрымку. Ад таго часу пастаяннымі спадарожнікамі ягонага жыцця будуць цяжкая праца прафесійнага журналіста, не згоднага на кампрамісы з кан’юнктурнымі густамі чытацкай публікі, непраглядная галеча, страта самых блізкіх людзей, горкая самота і адчай.