Читать онлайн «Гляну я ў аконца…»

Автор Сергей Песецкий

Сяргей Пясецкі

ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...

Менская трылогія.

Кніга другая

.

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Яблычак» я па меры магчымасцей пазбягаў выразаў і зваротаў зладзейскага жаргону. Я рабіў гэта, шкодзячы раману, каб не абцяжарваць змест спасылкамі і не адцягваць увагі чытача… У гэтым рамане я буду крыху больш шчодра карыстацца зладзейскім жаргонам, бо лічу, што інакш згубяцца характэрныя рысы некаторых герояў. У прасцейшых выпадках — там, дзе можна выхапіць значэнне жаргонных выразаў са зместу, — я не буду даваць адмысловыя тлумачэнні.

Адзначу: зладзейскі жаргон, якім карыстаюцца героі гэтага рамана, неаднародны, напрыклад уцёкі злодзеі апісваюць словамі «валіць», «джгаць», «плітаваць», «ліняць», «сігаць», «драпаць», «даваць гвінта». Стаяць на варце: быць свечкай, стаяць на строме, стаяць на ліпцы, цынкаваць. Папярэдзіць: даць зэкс, даць цынк, даць абцынг. Крадзеныя рэчы: барахло, авантыж, фацыент, шмокты, лахі. Агент: мосер, гінт, сабака, лягавы. Нязлодзей: фей, карась, фраер, жлоб, шкоп, хам, гад, звон, балон, туман, шпагат (інтэлігент). Выраз «ліпа» мае шмат значэнняў: фальшывы пашпарт, ліпы — фальшывыя грошы. Ёсць рэдкія жаргонныя выразы, яны амаль незразумелыя, напрыклад: оксы — лёс, а ёсць выразы часцейшыя: пяхота — куры.

Я не мовазнаўца і не спецыяліст у галіне даследавання мовы злачынцаў, таму не буду развіваць гэтую тэму. Зрэшты, цяпер гэта і не мая мэта. Скажу толькі, каб зарыентаваць чытача, што згаданыя вышэй выразы з ужытку тагачасных менскіх злодзеяў (дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года) паходзяць з розных раёнаў Польшчы і Расеі, паколькі на той час у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых разнастайных раёнаў былой Расійскай імперыі.

ЯСЬ НАДЗЯВАЕ ТОГУ ЛІТАРАТУРНАГА КРЫТЫКА

Бондараўскі завулак цесны… Цесны, крывы, брудны. Малыя драўляныя дамкі ў пярэпалаху разбегліся ў розныя бакі, прыселі і заплюшчылі вочы. Толькі дзе-нідзе, праз шчыліны ў дзвярах ці аканіцах, праслізгваюць жоўтыя штылеты святла і, быццам у смале, вязнуць уначы… Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця Менска — Камароўкі. Апошняя як з гледзішча размяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя, групамі на некалькі або і дзясяткам з гакам чалавек. Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы… Бо і звярына ў іх незвычайная: пільнуюць яе зграі двухногіх дрэсіраваных сабак, закутых у сталь і закон… Сюды паляўнічыя вяртаюцца са здабычай. Або не вяртаюцца доўга, а часам і ніколі не вяртаюцца… Тут жывуць, гуляюць, пакутуюць і кахаюць, але ніколі не паміраюць. Можа, саромеюцца смерці.