Читать онлайн «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі»

Автор Сергей Песецкий

Сяргей Пясецкі

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

(ад 17 верасня 1939 г. )

Пераклад зроблены на першым афіцыйным выданьні "Запісак афіцэра Чырвонай Арміі" у Рэспубліцы Польшчы:

Sergiusz Piasecki

Zapiski oficera Armii Czerwonej

(od 17 wrzes’nia 1939 r. )

2000, Warszawa, Wydawnictwo LTW.

ISBN 83-910483-2-2

(c) S. Piasecki Trust

Сяргей Пясецкі. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасня 1939 г. ) / Пераклад з польскай. - Мн. : "VivaFutura". 2005. - 252 с.

Пераклад Алесь Астраўцоў

Рэдактар Алена Мікалаева

Карэктар Алена Высоцкая

Макет Віктар Корзун

Ад перакладчыка

Сяргей Пясецкі, пазашлюбны сын шляхціча Міхала Пясецкага, нарадзіўся 1 чэрвеня 1901 году ў Ляхавічах. З 18 году прымаў удзел у вайне супраць бальшавікоў, у атрадзе атамана Дзеркача (партыя “Зялёны дуб”). Быў паранены пры ўзяцьці Менску польскім войскам. З 19-га – у беларускім аддзеле Войска Польскага. Пасьля дэмабі¬лізацыі ў 1921 апынуўся на Заходняй Беларусі, дзе быў завэрбаваны польскай вайсковай разьвекай. Займаўся дыверсыйнай дзейнасьцю і дастаўкай кантрабанды праз савецкую мяжу ў раёне Ракаву. Гэты досьвед быў пакла¬дзены ім у сюжэт першага выдадзенага ім раману “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”.

З-за няўрымсьлівага авантурнага характару, п’янства, ужываньня наркотыкаў і пастаянны ўдзел у бойках адседзеў тры гады ў турмах па абодва бакі мяжы. За гэта быў звольнены з разьведкі. Апынуўшыся бяз грошаў, бяз працы, знаходзячыся пад узьдзеяньнем какаіну, учыніў узброенае рабаўніцтва з забойствам.

За гэтае злачынства ў 1926 быў асуджаны да расстрэлу. Аднак за заслугі перад вайсковай разьведкай суд зьмяніў пакараньне сьмерцю на 15 гадоў зьняволеньня. За арганізацыю трох бунтаў зьняволеных у турмах у Лідзе, Равічу й Коранаве апынуўся ў знакамітай польскай вязьніцы з найбольш жорсткім рэжымам утрыманьня «Сьвяты Крыж», у якой 20% зьняволеных не дажывалі да заканчэньня тэрміну. Седзячы за кратамі, пачаў вывучаць польскую мову й пісаць аповесьці й раманы.

Пасьля публікацыі раману “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”, які стаў надзвычай папулярным, у прэсе была распачата кампанія па датэрміновым вызваленьні пісьменьніка. У 1937 годзе хворы на сухоты Пясецкі апынуўся на волі. У 1938 ягоная кандыдатура ўсур’ёз разглядалася на прадмет атрыманьня Нобэлеўскай прэміі. У верасьні 1939 добраахвотна пайшоў у войска, быў намесьнікам камандзіра роты ў памежных войсках.

Падчас вайны Пясецкі ўдзельнічае у фармаваньнях Арміі Краёвай на Віленшчыне, зноў супрацоўнічае з вайсковай разьведкай.

Аднойчы проста сярод дня зарганізаваў у Вільні дзёрзкія ўцёкі з вязьніцы гестапа Язэпа Мацкевіча, які стаў пасьля вайны найбольш знакамітым пісьменьнікам польскае эміграцыі. Пасьля вайны эміграваў спачатку ў Італію (1946), а затым у Англію, дзе памёр у 1964 годзе. Аўтар больш дзясятка папулярных раманаў, перакладзеных на дзясяткі моваў сьвету.

“Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” – магчыма, найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага. Яго найчасьцей з усяе творчае спадчыны пісьменьніка выдавалі незалежныя выдавецтвы сьвету. Афіцыйна быў забаронены ў Польшчы практычна да пачатку XXI стагодзьдзя. Ідэя напісаньня раману нарадзілася ў 1940, пасьля некалькіх сустрэчаў пісьменьніка з малодшымі савецкімі афіцэрамі– людзьмі са змэханізаванымі мазгамі, празамбаванымі сталінскай прапагандай, няздатнымі думаць самастойна, людзьмі бязьмежна прымітыўнымі, з выключна плябейскім стаўленьнем да жыцьця і людзей, аднак упэненымі ва ўласнае выключнасьці й правамернасьці сваёй місыі “ашчасьлівіць” усе народы сьвету. Але напісаць раман Пясецкі здолеў толькі ў 1948 годзе, ужо ў Англіі. У “Запісках…” аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра, разважаць ягонымі катэгорыямі, ягонай прымітыўнай мовай. “Запіскі…” з’яўляюцца адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных, але ў той жа час таленавітых і па-сапраўднаму сьмешных (гумар, што праўда, – “чорны”) прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня антычалавечае сутнасьці таталітарнае савецкае сыстэмы.